Чаму я не павінен учыняць самагубства?



Пытанне: Чаму я не павінен учыняць самагубства?

Адказ:
Я ўcім сэрцам перажываю за тых, у каго ўзнікаюць думкі, каб скончыць жыццё праз самагубства. Магчыма, зараз ты – гэты чалавек, і гэта можа быць вынікам розных эмоцый, такіх, як адчуванне безвыходнасці і адчаю. Можа быць, ты адчуваеш сябе ў самай глыбокай яме і думаеш пра тое, што няма ніякага промня надзеі на паляпшэнне спраў. Здаецца, што ўсе да цябе абыякавыя і ніхто цябе не разумее. Проста не варта жыць... ці ўсё ж варта?

Разбуральныя эмоцыі адчуваюць многія людзі ў розныя перыяды свайго жыцця. Пытанні, якія прыходзілі да мяне, калі я быў у такой яме, былі падобнымі да гэтага: “Ці магла быць на такое воля Бога, Які мяне стварыў?”, “Хіба Бог не мае сілы, каб дапамагчы мне?”, “Хіба мае праблемы надзвычай складаныя для Яго?”

Я рады сказаць вам, што, калі вы дазволіце Богу сапраўды стаць Богам вашага жыцця, неадкладна, зараз, Ён пакажа вам, Які Ён вялікі! “...Бо ў Бога не бывае немагчымым ніводнае слова” (Лукі 1:37). Магчыма, шнары ад мінулых ран прывялі вас да адчування поўнай адрынутасці. Як вынік гэтага – шкадаванне самога сябе, гаркота, думкі пра помсту, хваравітыя страхі і г. д. – тое, з-за чаго разбурыліся самыя дарагія ўзаемаадносіны. Аднак самагубства прынясе толькі пакуты вашым любімым, якім вы не хацелі прыносіць болю, яно нанясе раны, вынікі якіх будуць уздзейнічаць на іх на працягу ўсяго іх жыцця.

Чаму нельга ўчыняць самагубства? Сябра, нягледзячы на тое, як дрэнна ідуць справы ў тваім жыцці, існуе Бог любові, Які чакае таго, каб ты дазволіў Яму правесці цябе праз тунэль адчаю і вывесці ў Яго дзівоснае святло. Ён – твая цвёрдая надзея. Яго імя – Ісус.

Гэты Ісус, бязгрэшны Сын Божы, побач з табой, калі ты праходзіш праз адрынутасць і знявагу. Прарок Ісайя пісаў пра Яго: «Абтрасі з сябе пыл; устань, палонны Ерузаліме! Здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна! Бо так кажа Госпад: “За нішто былі вы прададзены і без срэбра адкуплены будзеце”; бо так кажа Госпад: “Народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта. І цяпер што ў мяне тут? – кажа Госпад, – народ Мой узяты дарам, уладары іх шалеюць, – кажа Госпад, – і ўвесь час, кожны дзень імя Маё бясславіцца. Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!”» (Ісайі 52:2-6).

Сябра, усё гэта Ісус Хрыстос зазнаў дзеля таго, каб твае грахі маглі быць дараваны! Якой бы цяжкай ні была віна, якую ты нясеш, ведай, што Ён памілуе цябе, калі ты ў пакорлівасці навернешся (адвернешся ад сваіх грахоў і павернешся да Бога). “А тады пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш ухваляць Мяне” (Псальм 49:15). Усякі грэх, які зроблены табой, наколькі цяжкім ён бы ні быў, можа быць дараваны Ісусам. Яго выбраныя слугі, пра якіх пішацца ў Бібліі, учынялі цяжкія грахі, такія, як забойства (Майсей), чужаложства (цар Давід), фізічны і псіхалагічны гвалтоўны прымус (Апостал Павел). І ўсё ж яны знаходзілі прабачэнне і новае паўнавартаснае жыццё ў Госпадзе. “Яшчэ больш абмый мяне ад правіннасці маёй і ад граху майго ачысці мяне” (Псальм 50:4). “Бо хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старадаўняе мінула, вось, сталася новае” (2-і да Карынфянаў 5:17).

Чаму ты не павінен учыняць самагубства? Сябра, Бог гатовы выправіць тое, што было “разбіта”, г. зн. жыццё, якое ты маеш зараз і якое ты жадаеш скончыць самагубствам. Прарок Ісайя пісаў: “Дух Госпада Бога на Мне, бо Госпад памазаў Мяне звеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленне і вязням – адкрыццё цямніцы... суцешыць усіх, хто бядуе, абвясціць усім, хто жаліцца... што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу – алей радасці, замест заняпалага духу – слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго” (Ісайі 61:1-3).

Прыйдзі да Ісуса і дазволь Яму вярнуць табе тваю радасць і ўсведамленне карыснасці, даверыўшы Яму сябе для таго, каб Ён пачаў новую працу ў тваім жыцці. “Вярні мне пацеху збаўлення Твайго і самым руплівым духам узмацуй мяне”, “Госпадзе, адчыні вусны мае, і вусны мае стануць абвяшчаць Тваю хвалу. Не пацяшае Цябе ахвяра, цэласпаленне; калі прынясу яго, Табе не спадабаецца. Ахвяра Богу – дух спакутаваны; сэрца стурбаванага і пакорлівага, Божа, Ты не адцураешся” (Псальм 50:14, 17-19).

Ці прымеш ты Госпада як Збаўцу і Пастыра? Ён направіць твае думкі і шляхі, дзень за днём, праз Яго Слова, Біблію. “А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая – у Табе” (Псальм 31:8). “І настануць бяспечныя часіны твае, надмернасць ратунку, мудрасці і ведання; страх Госпадаў будзе скарбам тваім” (Ісайі 33:6). Працягваючы барацьбу, у Хрысце ты будзеш мець НАДЗЕЮ. Ён – “Сябар, які бліжэй за брата” (Выслоўі 18:24б). Няхай ласка Госпада Ісуса Хрыста будзе з табой у той час, калі ты будзеш прымаць рашэнне.

Калі вы пажадаеце даверыць сябе Ісусу Хрысту як вашаму Збаўцу, вымавіце ў сваім сэрцы гэтыя словы да Бога: “Божа, Ты патрэбен мне ў маім жыцці. Калі ласка, прабач мяне за ўсё, што я зрабіў. Я давяраю сябе Ісусу Хрысту і веру, што Ён – мой Збаўца. Калі ласка, ачысці мяне, ацалі мяне і вярні мне радасць у жыцці. Дзякую Табе за Тваю любоў да мяне і за смерць Ісуса дзеля мяне.”

Ці прынялі вы рашэнне ў адносінах да Хрыста ў выніку таго, што вы прачыталі тут? Калі так, то, калі ласка, пстрыкніце па ссылцы “Я прыняў Хрыста сёння”, якая размешчана ніжэй.


Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Чаму я не павінен учыняць самагубства?