Што кажа Біблія пра азартныя гульні? Ці з’яўляецца гэта грахом?



Пытанне: Што кажа Біблія пра азартныя гульні? Ці з’яўляецца гэта грахом?

Адказ:
Азартныя заняткі могуць быць ахарактэрызаваны так: “Грашовая рызыка пры спробе павялічыць грашовую суму ў сітуацыі з вельмі малымі шансамі”. Біблія не асуджае канкрэтна азартнасць, стаўкі або латарэі. Біблія папярэджвае нас, каб мы не былі захоплены цягай да грошай (1-ы Цімафею 6:10; Габрэяў 13:5). Пісанне таксама заклікае нас не імкнуцца да хуткага ўзбагачэння (Выслоўяў 13:11; 23:5; Эклезіяста 5:10). Азартнасць жа бясспрэчна канцэнтруецца на любові да грошай і спакушае людзей абяцаннем хуткага і лёгкага багацця.

Што дрэннага ў азартных гульнях? Азартныя заняткі – гэта складанае пытанне, таму што, калі гэта адбываецца ад выпадку да выпадку, гэта прыводзіць да растраты грошай, але гэта не абавязкова “ліха”. Людзі растрачваюць грошы на ўсялякія рэчы. Азартныя заняткі ў такой жа ступені з’яўляюцца растратай грошай, як і прагляд фільма (у многіх выпадках), пагоня за дарагой ежай, якая не з’яўляецца неабходнай, ці набыццё непатрэбных рэчаў. У той жа час, той факт, што грошы растрачваюцца і на іншыя рэчы, не апраўдвае іх растрату на азартныя гульні. Грошы нельга растрачваць марна. Лішак грошай трэба адкладваць для будучых патрэб ці для Божай працы – але не растрачваць на азартныя гульні.

Азартныя заняткі ў Бібліі. Хоць Біблія не кажа канкрэтна пра азартныя заняткі, у ёй сустракаюцца паняцці “ўдача”, “шанец”. Напрыклад, кіданнем жэрабя левіты рабілі выбар паміж казлом для ахвяраскладання і казлом выгнання. Няемія кідаў жэрабя, каб вызначыць, хто будзе жыць у межах Ерусаліма, агароджанага сценамі, а хто не. Апосталы кідалі жэрабя дзеля таго, каб вызначыць, хто заменіць Юду. У Выслоўях 16:33 гаворыцца: “Жэрабя кідаецца ў крысо, але рашаецца Госпадам”. Нідзе ў Бібліі гэта не выкарыстоўвалася для пацехі, і не выстаўлялася як належны занятак для таго, хто ідзе ўслед за Богам.

Казіно і латарэі. Казіно выкарыстоўваюць усялякія маркецінгавыя схемы для прываблівання іграка, каб ён паставіў на кон як мага болей грошай. Яны часта прапануюць танны ці зусім бясплатны алкагольны напой, што прыводзіць да ап’янення і, як вынік, да няздольнасці прымаць узважаныя рашэнні. У казіно ўсё дасканалым чынам прыспасоблена для таго, каб вымантачыць буйныя сумы грошай і не даць узамен нічога, акрамя мімалётных і марных адчуванняў. Латарэі падносяцца як шлях для спансіравання адукацыі і/ці сацыяльных праграм. Аднак, даследаванні паказваюць, што ўдзельнікі латарэйных розыгрышаў гэта тыя, хто меньш за ўсіх можа дазволіць сабе растрачваць грошы на латарэйныя білеты. Прынада “стань багатым хутка” – гэта вельмі моцная спакуса, перад якой не могуць выстаяць тыя, хто знаходзіцца ў нястачы. Аднак верагоднасць выйграша мізэрная, і гэта прыводзіць да разбурэння жыцця многіх людзей.

Чаму выручка ад латарэі недаспадобы Богу. Шмат людзей кажуць, што яны гуляюць у латарэю ці азартныя гульні для таго, каб аддаць грошы ў царкву ці на іншыя дабрачынныя мэты. Так, гэта можа быць добрым памкненнем, але рэальнасць такая, што тых, хто растрачваюць такія выйгрышы на мэты, якія даспадобы Богу, не шмат. Згодна з даследаваннямі, значная большасць пераможцаў латарэй праз некаторы час пасля выйгрыша трапляюць у яшчэ горшую фінансавую сітуацыю, чым мелі перад гэтым. Вельмі мала тых (калі наогул такія ёсць), хто сапраўды дае грошы на добрыя справы. Увогуле ж Бог не мае патрэбы ў нашых грашах, каб спансіраваць Яго місіі ў гэтым свеце. У Выслоўяў 13:11 гаворыцца: “Маёмасць ад марнасці паменшыцца, а хто збірае ў руку – памнажае”. Бог суверэнны і дае ўсё неабходнае для патрэб царквы сумленным шляхам. Ці будзе Бог праслаўлены, калі на Яго справу ідуць грошы, якія атрыманы праз таргоўлю наркотыкамі ці у выніку рабунка? Таксама Богу не патрэбны грошы, якія “выкрадзены” ў беднякоў праз спакушэнне іх багаццем.

У 1-м Цімафею 6:10 да нас гаворыцца: “Бо корань усякіх няшчасцяў ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты”. Габрэяў 13:5 заклікае нас: “Хай будуць норавы без сквапнасці;будзьце задаволеныя тым, што маеце...” У Мацвея 6:24 сказана: “Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.”


Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Што кажа Біблія пра азартныя гульні? Ці з’яўляецца гэта грахом?