Што гаворыць Біблія пра дыназаўраў? Ці апісаныя дыназаўры ў Бібліі?



Пытанне: Што гаворыць Біблія пра дыназаўраў? Ці апісаныя дыназаўры ў Бібліі?

Адказ:
Тэма пра дыназаўраў у Бібліі – частка абмяркоўваемай хрысціянамі вялікай тэмы, якая тычыцца ўзросту Зямлі, правільнага тлумачэння кнігі Роду і адносінаў да гістарычных і прыродных сведчанняў вакол нас. Тыя, хто лічыць, быццам Зямля мае вельмі вялікі ўзрост, думаюць, што дыназаўры не згадваюцца ў Бібліі таму, што, згодна з іх поглядамі, дыназаўры вымерлі за мільёны гадоў да таго, як на зямлі з’явіўся першы чалавек. Людзі, якія напісалі Біблію, не маглі бачыць жывых дыназаўраў.

Тыя, хто верыць у больш малады ўзрост Зямлі, лічаць, што Біблія гаворыць пра дыназаўраў, хаця слова “дыназаўр” у ёй не выкарыстоўваецца. Замест яго ўжываецца слова “таніён”. У разнастайных тэкстах гэтае слова перакладаецца па-рознаму, часам гэта “марская пачвара”, часам “цмок”, “змей”. Найбольш часта гэтае слова перакладаецца як “дракон”. Відаць, яго абазначае якісьці від невядомай рэптыліі. Гэтыя істоты, якія жывуць як на сушы, так і ў вадзе, згадваюцца ў Старым Запавеце блізу трыццаці разоў.

Акрамя таго, што гэтыя гіганцкія рэптыліі згадваюцца ў Старым Запавеце каля трыццаці разоў, у некаторых выпадках Біблія апісвае іх гэтак, што некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гаворка ідзе пра дыназаўраў.

“Бегемот” паўстае як самае магутнае з усіх Божых стварэнняў, гігант, чый хвост падобны да кедравага дрэва (Гіёб 40:15). Некаторыя лічылі, што на самой справе тут маецца на ўвазе слон або гіпапатам. Іншыя ўказвалі, што і слон, і гіпапатам маюць вельмі тонкія хвасты, якія ніяк нельга параўнаць з кедравым дрэвам. Дыназаўры ж, напрыклад брахіязаўры і дыпладокі, сапраўды мелі вялізныя хвасты, якія лёгка параўнаць з дрэвамі.

Амаль у кожнай старажытнай цывілізацыі існуюць якія-небудзь апісанні ці выявы вялізных істот-рэптылій. Петрогліфы, артэфакты і нават маленькія гліняныя фігуркі, знойдзеныя ў Паўночнай Амерыцы, нагадваюць сучасныя апісанні дыназаўраў. Наскальныя роспісы ў Паўднёвай Афрыцы паказваюць людзей, што сядзяць вярхом на істотах, падобных да дыпладокаў і, што дзіўна, да трыцэратопаў, птэрадактыляў, тыраназаўраў. Рымская мазаіка, гліняныя вырабы майя, сцены Вавілона – усё гэта сведчыць пра тое, што людзі ўсіх культур, з розных частак свету, былі ўражаныя гэтымі істотамі. Да сур’ёзных знаходак, зробленых, напрыклад, Марка Пола, дамешваюцца фантастычныя гісторыі пра пачвар, што сцерагуць скарбы. Працягваюць паступаць паведамленні пра знаходкі і ў наш час, аднак да іх ставяцца з вялікім скептыцызмам.

Акрамя значнай колькасці культурных і гістарычных сведчанняў на карысць суіснавання дыназаўраў і чалавека, існуюць іншыя сведчанні, як, напрыклад, знойдзеныя разам акамянелыя адбіткі стопаў чалавека і дыназаўра ў паўднёвай Амерыцы і Цэнтральна-Заходняй Азіі.

Такім чынам, ці гаворыць Біблія пра дыназаўраў? Гэтае пытанне застаецца без адказу. Ён залежыць ад таго, як вы інтэрпрэтуеце наяўныя сведчанні і якім вы бачыце навакольны свет. Тут, на GotQuestions.org, мы верым у малады ўзрост Зямлі і суіснаванне людзей і дыназаўраў. Мы лічым, што дыназаўры вымерлі ў пасляпатопны час з-за радыкальных прыродных змяненняў і няўмольнага знішчэння іх першымі паляўнічымі.


Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Што гаворыць Біблія пра дыназаўраў? Ці апісаныя дыназаўры ў Бібліі?