Што такое Рымскі шлях да збаўлення?



Пытанне: Што такое Рымскі шлях да збаўлення?

Адказ:
Рымскі шлях да збаўлення – гэта спосаб данясення дабравесця з выкарыстаннем вершаў з Пісьма да Рымлянаў. Да таго ж гэта эфектыўны спосаб тлумачэння таго, па якой прычыне мы маем патрэбу ў збаўленні, як Бог падараваў збаўленне, як мы можам атрымаць збаўленне і што адбываецца ў выніку таго, што мы атрымліваем збаўленне.

Першы верш на Рымскім шляху да збаўлення – гэта Рымлянаў 3:23: “Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай”. Мы ўсе зграшылі. Мы ўсе рабілі тое, што не падабаецца Богу. Няма ніводнага невінаватага. Рымлянаў 3:10-18 дае падрабязнае апісанне дзеяння граха ў нашым жыцці. Другі верш на Рымскім шляху да збаўлення, Рымлянаў 6:23, апавядае нам пра вынікі граха: “Бо плата за грэх – смерць, а дар Божы – жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе”. Пакаранне, якое мы заслужылі за нашыя грахі, – смерць. Не проста фізічная смерць, але вечная смерць!

Трэці верш на Рымскім шляху да збаўлення працягвае тэму верша 6:23. Рымлянаў 5:8 абвяшчае: “Бог жа паказвае Сваю любоў да нас у тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі”. Ісус Хрыстос памёр за нас! Смерць Ісуса стала коштам платы за нашыя грахі. Уваскрэсенне Ісуса засведчыла тое, што Бог прыняў смерць Ісуса як плату за нашыя грахі.

Чацвёрты верш на Рымскім шляху да збаўлення – гэта Рымлянаў 10:9: «Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: “Ісус – Госпад!” і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго уваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены». У выніку таго, што Ісус памёр на крыжы дзеля нас, усё, што нам неабходна, – паверыць у Яго, прымаючы Яго смерць як плату за нашыя грахі, – і мы будзем збаўлены! Рымлянаў 10:13 таксама апавядае пра гэта: “Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены”. Ісус памёр, каб ажыццявіць плату за нашыя грахі і збавіць нас ад вечнай смерці. Збаўленне, дараванне грахоў магчыма для кожнага, хто паверыць у Ісуса Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу.

Заключны аспект адносна Рымскага шляху да збаўлення – гэта вынікі, якія ўчыняе збаўленне. Рымлянаў 5:1 утрымлівае цудоўную вестку: “...Апраўданыя вераю, мы жывём у супакоі з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста”. Праз Ісуса Хрыста мы можам мець адносіны супакою з Богам. Рымлянаў 8:1 вучыць нас: “...Зараз тым, што ў Хрысце Ісусе, няма ніякага асуджэння”. Дзякуючы таму, што Ісус памёр за нас, мы ніколі не будзем асуджаны за свае грахі. У нас ёсць абяцанне ад Бога, якое дадзена ў Рымлянаў 8:38, 39: “...Ані смерць, ані жыццё, ані анёлы, ані першынствы, ані сённяшні дзень, ані будучыня, ані магуцці, ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым”.

Ці жадаеце вы пайсці па Рымскім шляху да збаўлення? Калі так, то вы можаце звярнуцца да Бога з простай малітвай, якая прыведзена тут. Гэта малітва – спосаб выказаць Богу вашае жаданне даверыцца Ісусу Хрысту для збаўлення. Словы самі па сабе не змогуць збавіць вас. Толькі вера ў Ісуса Хрыста дасць вам збаўленне.

“Божа, я ведаю, што я зграшыў супраць Цябе і заслугоўваю пакарання. Але Ісус Хрыстос узяў на Сябе пакаранне, якое я заслужыў, каб праз веру ў Яго я мог атрымаць памілаванне. Спадзеючыся на Тваю дапамогу, я адцураюся граха і даручаю сябе Табе, каб быць збаўленым. Дзякую Табе за Тваю цудоўную ласку і памілаванне – дарунак вечнага жыцця! Амін!”

Ці прынялі вы рашэнне ў адносінах да Хрыста ў выніку таго, што вы прачыталі тут? Калі так, то, калі ласка, пстрыкніце па ссылцы “Я прыняў Хрыста сёння”, якая размешчана ніжэй.


Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Што такое Рымскі шлях да збаўлення?