Што такое хрысціянства і ў што вераць хрысціяне?



Пытанне: Што такое хрысціянства і ў што вераць хрысціяне?

Адказ:
У 1-ым да Карынфянаў гаворыцца: “Прыгадваю вам, браты, Евангелле, якое я раней вясціў і якое вы прынялі ды ў якім трываеце, і праз якое здабудзеце збаўленне, калі яго захаваеце такім, якім я вясціў вам, інакш уверылі вы надарма. Бо я перш перадаў вам тое, што і я прыняў, што Хрыстос памёр за нашыя грахі паводле Пісання, і што быў пахаваны, і што ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання...”

Гаворачы коратка, гэта і з’яўляецца тым, што вызнае ў сваёй веры хрысціянства. Хрысціянства унікальна ў параўнанні з іншымі веравызнаннямі, таму што хрысціянства гэта хутчэй адносіны, чымся рэлігійная практыка. Мэтай хрысціянства з’яўляецца не выкананне збору правілаў “рабі гэта і не рабі гэтага”, а блізкія ўзаемаадносіны з Богам Айцом. Гэтыя ўзаемаадносіны магчымы дзякуючы таму, што зрабіў Ісус Хрыстос, і служэнню Святога Духа ў жыцці хрысціян.

Хрысціяне вераць у тое, што Біблія – Боганатхнёная кніга і з’яўляецца дакладным Словам Божым і што яе навучанне з’яўляецца праўдай у апошняй інстанцыі (2-і Цімафею 3:16; 2-і Пятра 1:20, 21). Хрысціяне вераць у адзінага Бога, Які існуе ў трох асобах: Айца, Сына (Ісуса Хрыста) і Святога Духа.

Хрысціяне вераць, што чалавецтва было створана для таго, каб мець узаемаадносіны з Богам, але грэх адлучыў усіх людзей ад Бога (Рымлянаў 5:12; Рымлянаў 3:23). Хрысціянства вучыць, што Ісус Хрыстос хадзіў па гэтай зямлі, з’яўляючыся ў паўнаце і Богам, і чалавекам (Піліпцаў 2:6-11), і што Ён памёр на крыжы. Хрысціяне лічаць, што пасля смерці Хрыста на крыжы Ён быў пахаваны, а затым уваскрос з мёртвых, і зараз сядзіць праваруч Бога Айца, заўсёды хадайнічаючы за веруючых (Габрэяў 7:25). Хрысціяне сцвярджаюць, што смерць Ісуса на крыжы была дастатковай для платы за грахі кожнага чалавека і што яна ўзнаўляе перарваныя між Богам і чалавекам узаемаадносіны (Габрэяў 9:11-14; Габрэяў 10:10; Рымлянаў 5:8; Рымлянаў 6:23).

Каб быць збаўленым, чалавеку проста патрэбна поўнасцю ўскласці веру на збаўленне, якое здзейсніў Хрыстос на крыжы. Калі чалавек верыць, што Хрыстос памёр за яго і гэтым заплаціў за яго грэх, а потым уваскрос з мёртвых, такі чалавек збаўлены. Няма нічога, чым чалавек змог бы заслужыць збаўленне. Ніхто не можа быць настолькі “добранькім”, каб самастойна дагадзіць Богу, таму што ўсе мы з’яўляемся грэшнікамі (Ісайі 64:6, 7; Ісайі 53:6). Акрамя таго, нічога звыш таго, што здзейсніў Хрыстос, зрабіць немагчыма: Хрыстос ужо ўсё зрабіў за нас! Знаходзячыся на крыжы, Ён усклікнуў: “Споўнілася!” (Яна 19:30).

Такім жа чынам, як мы не можам нічога зрабіць, каб атрымаць збаўленне, нічога нельга зрабіць, каб згубіць яго, пасля таго, як мы паклалі сваю веру ў Ісусе Хрысце. Памятайце: справа збаўлення была здзейснена і завершана Хрыстом! Збаўленне ніякім чынам не залежыць ад таго, хто яго атрымлівае! У Яна 10:27-29 гаворыцца: “Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной, і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі. Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсё, і ніхто не можа вырваць [іх] з рукі Айца”.

Некаторыя людзі могуць падумаць: “Гэта здорава: калі я збаўлены, я магу рабіць тое, што пажадаю, і не страчу збаўлення!” Але збаўленне – гэта не свабода дзейнічаць, як нам пажадаецца. Збаўленне – гэта вызваленне ад неабходнасці служыць сваёй старой грахоўнай натуры і свабода шукаць правільных узаемаадносін з Богам. Паколькі веруючыя жывуць на гэтай зямлі ў грахоўных целах, у іх сэрцах заўсёды будзе ісці барацьба з грахом. Жыццё ў граху перашкаджае наладжванню тых адносін, якія Госпад жадае мець з чалавецтвам, і, калі веруючы чалавек жыве ў граху, ён не зможа цешыцца тымі адносінамі, якія Бог хоча мець з ім. Аднак хрысціяне могуць заваяваць перамогу над грахом з дапамогай вывучэння і скарыстання Божага Слова (Бібліі) ў сваім жыцці, а таксама кіруючыся Святым Духам, што абазначае падпарадкаванне ўздзеянню і правадырству Духа Божага ў паўсядзённых абставінах і паслухмянасць Слову Божаму ў Духу.

Такім чынам, тады, як шматлікія рэлігіі патрабуюць ад чалавека таго, каб ён рабіў ці не рабіў нейкіх рэчаў, хрысціянства навучае, як атрымаць адносіны з Богам. Хрысціянства вызнае веру ў смерць Хрыста на крыжы за вашы асабістыя грахі і ў Яго уваскрэсенне. Ваш доўг аплочаны, і вы можаце мець асабістыя ўзаемаадносіны з Богам. Вы можаце мець перамогу над сваёй грахоўнай натурай, падтрымліваць адносіны з Богам і хадзіць у паслухмянасці Яму. Гэта – сапраўднае біблейскае хрысціянства.


Вяртанне на беларускамоўную дамашнюю старонку

Што такое хрысціянства і ў што вераць хрысціяне?